Чырвоны верас ‘24

У журы «Чырвонага верасу’24» увайшлі 16 экспертаў і экспертак

навіны
2023-09-01

Журы другой Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас» складаецца з 7 экспертаў і 9 экспертак, сярод якіх кінакрытыкі, кінажурналісты, даследнікі кіно. Апроч сузаснавальнікаў прэміі Ірэны Кацяловіч і Тараса Тарналіцкага, у каманду ўвайшлі кінакрытык Ульяна Будзік, кінааналітык Максім Жбанкоў, арт-менеджарка Ліна Мядзведзева, фестывальны арганізатар Ігар Сукманаў, аўтарка выдання Backstage Алена Сойка, кінакрытык Ганна Яфрэменка, даследніца кіно Альміра Усманава. Частка журы з меркаванняў бяспекі застаецца ананімнаю.

 

Эксперты будуць вызначаць найлепшыя ігравыя поўнаметражны і кароткаметражны, дакументальныя поўнаметражны і кароткаметражны, а таксама анімацыйны фільмы. Сярод стваральнікаў пададзеных на прэмію фільмаў будуць таксама вызначацца найлепшыя фільммэйкеры ў сваіх сферах і адкрыццё года.

 

«Мы запрасілі ў каманду тых, для каго адсочванне і аналіз кіно – гэта прафесія альбо прафесійная звычка, усё ж ва ўмовах крызісу медыяў і культурніцкай прасторы мы часта не толькі кінаэксперты, але і хтосьці яшчэ, – каментуюць заснавальнікі прэміі. – У нашую каманду ўвайшлі і кінакрытыкі, што пачалі дакументаваць кінапрацэсы нядаўна, як аўтарка новага онлайн-выдання Backstage Алена Сойка, так і аўтарытэтныя даследнікі акадэмічнага толку са шматгадовым досведам, як Альміра Усманава. Мы хочам, каб беларускае кіно ацэньвалі людзі з рознымі досведам і густам, высокакваліфікаваныя і новыя галасы, спецыялісты, якія выехалі за мяжу альбо засталіся ў Беларусі». 

 

Частка журы будзе выконваць свае абавязкі з Беларусі, але, згодна з каштоўнасцямі прэміі, якая не разглядае праектаў з удзелам грошай беларускай ці расейскай дзяржаваў, сябры гэтаксама не супрацоўнічаюць з дзяржаўнымі інстытуцыямі ды не атрымліваюць ад іх заробкаў.

 

Эксперты пачнуць сваю працу па завяршэнні прыёму заявак у кастрычніку 2023 года. Уся пададзеная інфармацыя і спасылкі на прагляд фільмаў будуць перадавацца выключна і беспасярэдне сябрам журы

Нашы партнёры