Мы, беларускія кінажурналісты, кінакрытыкі і даследнікі кіно, бяром удзел у прысуджэнні прэміі «Чырвоны верас», каб надаць належную ўвагу беларускаму кіно і адзначыць высілкі фільммэйкераў ды іхныя найлепшыя дасягненні.
Прэмія заснаваная ва ўмовах глыбокага гуманітарнага крызісу ў Беларусі, які непазбежна закрануў і кінематограф. На той момант ужо быў знішчаны ў яго ранейшым выглядзе Менскі міжнародны кінафестываль «Лістапад», які адзначаў узнагародамі ў тым ліку беларускія карціны. З цягам часу ў краіне не засталося ніводнага незалежнага кінафестывалю, які б праходзіў офлайн, а большасць незалежных аўтараў была вымушаная альбо эміграваць, альбо прыпыніць творчую дзейнасць.
Але, не зважаючы на драматычныя ўмовы нашага кіно, якое з адпаведнымі наступствамі амаль цалкам аказалася за мяжою, мы бачым, што яно застаецца шчырым, вынаходлівым ды прафесійным, і верым у яго стваральны патэнцыял. Мы чакаем, што фільмы беларускіх аўтараў, як і мастацтва агулам, дапамогуць грамадству адрэфлексаваць рэчаіснасць і гісторыю, а таксама даць рады з псіхалагічнымі і сацыяльнымі наступствамі крызісаў. Мы спадзяёмся, што кіно як частка культуры дазволіць нам ухіліцца ад удараў маштабных узрушэнняў, якія мы працягваем зазнаваць з 2020 года.
Як кінажурналісты, кінакрытыкі і даследнікі кіно мы зацікаўленыя ў тым, каб адсочваць кінапрацэс ды аналізаваць яго тэндэнцыі, а таксама ствараць кантэкст беларускага кіно, нават калі айчыннай кінаіндустрыі як такой не існуе. Але мы мусім прызнаць, што грамадска-палітычны крызіс у Беларусі, а таксама вайна Расеі супраць Украіны, у якой рэжым Аляксандра Лукашэнкі выступае суагрэсарам, грунтоўна змянілі для нас дэфініцыю «беларускае кіно». Прэмія «Чырвоны верас» залучае ў яе тых, хто паводле грамадзянства альбо нацыянальнасці ды самавызначэння ёсць беларусам і працуе як у Беларусі, гэтак і за мяжою.
Але мы выключаем з гэтага панятку фільмы, цалкам альбо часткова створаныя за грошы беларускай альбо расейскай дзяржаваў, а таксама кінематаграфістаў, якія ўсцяж і свядома супрацоўнічаюць з дзяржаўнымі ці прадзяржаўнымі арганізацыямі ды ўстановамі гэтых дзвюх краінаў, пакуль улады ў гэтых краінах не зменяцца на дэмакратычныя.
Падзел кінематаграфіі на дзяржаўную ды незалежную, які існаваў у Беларусі і да 2020 года, але ўсё яшчэ быў не такім вострым, у сённяшніх умовах ператварыўся ў прынцыповы раздзел на кіно за грошы злачыннай дзяржавы і кіно, якое кінааўтары ствараюць пераважна альбо ў выгнанні, альбо падпольна. Мы шануем права кожнага з нашых калегаў прымаць рашэнне наконт супрацы з дзяржаваю з улікам уласных абставінаў і магчымасцяў, але гледзячы на тое, як беларускае і ўкраінскае грамадствы цярпяць ад дзеянняў у прыватнасці ўладаў Беларусі ды як пацярпела беларускае кіно, вызначаем дакладную мяжу.
Прэміяй «Чырвоны верас» мы хацелі б узмацніць сувязі ў раскіданай супольнасці беларускіх фільммэйкераў, а таксама ў кам’юніці кінакрытыкаў; папулярызаваць беларускае кіно і яго дасягненні; падкрэсліць патрэбу ў сваім кіно і матываваць аўтараў заставацца ў прафесіі.
Мы спадзяёмся, што дасягненне гэтых мэтаў паспрыяе развіццю беларускага кіно, якое ў сваю чаргу зробіць унёсак у дэмакратычныя пераўтварэнні ў Беларусі, дзе вяршэнствам зробяцца творчасць, разнастайнасць і свабода выказвання.