Чырвоны верас ‘26
Пра нас

Беларуская прэмія кінакрытыкаў “Чырвоны верас” адзначае найлепшыя дасягненні ў сферы беларускага кіно – кіно, якое ствараюць беларусы паводле грамадзянства альбо нацыянальнасці ў краіне і за яе межамі. Узнагароды закліканыя прыцягваць увагу да гэтых дасягненняў і спрыяць умацоўванню айчыннага кінакам’юніці. 

 

Першая эдыцыя прэміі прайшла ў 2021–2022 гадах – яе заснаванне спрычыніла брутальнае выцісканне незалежнай культуры з Беларусі, якое лукашэнкаўскі рэжым распачаў у адказ на масавыя пратэсты. Тады беларускія кінакрытыкі пастанавілі стварыць прэмію, якая б сталася гідам па беларускім кіно, пакрыла страту незалежных кінапляцовак і падтрымала высілкі беларускіх фільммэйкераў.

 

У журы “Чырвонага вераса” ўваходзяць кінакрытыкі, кінажурналісты, кіназнаўцы, даследнікі кіно, кінаблогеры. Яны ацэньваюць каротка- і поўнаметражныя ігравыя, дакументальныя ды анімацыйныя фільмы. Цяпер прэмія прысуджаецца ў 15 намінацыях: 

«Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм»

«Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм»

«Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм»

«Найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм»

«Найлепшы анімацыйны фільм»

«Найлепшы(ая) рэжысёр(ка)»

«Найлепшы актор»

«Найлепшая акторка»

«Найлепшая праца аператара(кі)»

«Найлепшы сцэнар»

«Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)»

«Найлепшы мантаж»

«Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)»

«Найлепшы дакументальны рэпартаж»

«Адкрыццё года»

 

«Чырвоны верас» разглядае стужкі, створаныя за папярэднія два гады.

каманда
Ірэна Кацяловіч
Сузаснавальніца прэміі 
“Чырвоны верас”

Беларуская кінакрытыца і журналістка, сябра Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI, тры гады ўваходзіла ў журы прэміі «Залаты глобус». Сузаснавальніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Выступала ў якасці сябра журы на кінафестывалях у Беларусі, Нямеччыне, Харватыі, Польшчы, Украіне. Працавала кінакрытыцай і культурніцкаю журналісткай у газеце «Звязда» і выданні «Наша Ніва», пісала рэцэнзіі для радыё «Свабода», была рэдактаркай і вядоўцаю праграмы пра культуру на тэлеканале «Белсат».

Тарас Тарналіцкі
Сузаснавальнік прэміі “Чырвоны верас”

Беларускі журналіст, кінакрытык і культурніцкі каментатар. Мае больш за 15 гадоў досведу ў медыясферы, супрацоўнічаў з больш як 40 медыямі ў Беларусі, Украіне, краінах ЕЗ. Працуе журналістам для «Еўрарадыё» і «Будзьма беларусамі». Заснавальнік тэлеграм-каналу «Holybelawood», прысвечанага папулярызацыі беларускага кіно, суаўтар падкасту «Кінатэатр Беларусь», сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускай незалежнай кінаакадэміі і Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI.