Чырвоны верас ‘24
Рэгламент Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас’24»

Беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас» (далей – Прэмія) адзначае найлепшыя дасягненні беларускага кінематографу за два гады. Пераможцы вызначаюцца ў трынаццаці намінацыях шляхам галасавання журы, у якое ўваходзяць кінакрытыкі, кінажурналісты, кіназнаўцы, даследнікі кіно, кінаблогеры.

 

Заснавальнікі Прэміі – група кінакрытыкаў на чале з Ірэнаю Кацяловіч і Тарасам Тарналіцкім. Яны ж складаюць Аргкамітэт Прэміі.

2.1. У абавязкі Аргкамітэту Прэміі ўваходзіць:

– вызначэнне канцэпцыі ды тэрмінаў правядзення Прэміі;

– збор заявак ад кінематаграфістаў;

– фармаванне журы Прэміі з беларускіх кінакрытыкаў, кінажурналістаў, кіназнаўцаў, даследнікаў кіно, кінаблогераў;

– падлік галасоў журы;

– вызначэнне доўгага і кароткага спісаў намінантаў;

– абвяшчэнне пераможцаў;

– уручэнне ўзнагародаў (калі гэта прадугледжваецца Аргкамітэтам – на афіцыйнай цырымоніі ўзнагароджвання).

Журы.

У склад Журы ўваходзяць:

– без запрашэння – заснавальнікі Прэміі;

– па запрашэнні – кінакрытыкі, кінажурналісты, кіназнаўцы, даследнікі кіно, кінаблогеры, у тым ліку сябры журы Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI, якія ажыццяўляюць сваю прафесійную дзейнасць у сферы кіно – як на тэрыторыі Беларусі, гэтак і за яе межамі.

Склад Журы абіраюць на адзін сезон Прэміі.

3.1. З улікам пагаршэння ўмоваў для прафесійнай рэалізацыі ў Беларусі за апошнія тры гады* Прэмія запрашае ў склад Журы прадстаўнікоў кінакрытычнай супольнасці, якія ажыццяўляюць сваю прафесійную дзейнасць у выглядзе рэгулярных публікацыяў, публічных выступаў, лекцыяў, падкастаў і  даследаванняў пра кіно цягам не года, а апошніх трох гадоў, у тым ліку тых, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў і (або) быў вымушаны з'ехаць з Беларусі. 

* Скарачэнне пляцовак для выказвання ў 2020–2023 гадах, прызнанне шмат якіх беларускіх выданняў экстрэмісцкімі, закрыццё незалежных галерэяў і культурніцкіх цэнтраў, дзе кінакрытыкі і кіназнаўцы маглі б папулярызаваць беларускае кіно; існаванне чорных спісаў, у выніку якіх дзеячы і дзяячкі зазнаюць забарону на прафесію; абмежаванне прасторы вольнага выказвання праз цэнзуру – гэтыя ды іншыя акалічнасці істотна падарвалі інфраструктуру як беларускага кіно, гэтак і беларускай кінакрытыкі.

3.2. У абавязкі Журы Прэміі ўваходзіць:

– прагляд фільмаў з доўгага спісу ў вызначаныя Прэміяй тэрміны;

– выстаўленне балаў ад 1 да 5 альбо высоўванне дзвюх кандыдатур у залежнасці ад намінацыі ў вызначаныя Прэміяй тэрміны.

Сябры журы могуць прапанаваць фільмы альбо кінематаграфістаў на ўзнагароду Прэміі «Спецыяльная згадка». Рашэнне аб прысуджэнні альбо непрысуджэнні прымаецца галасаваннем у Аргкамітэце Прэміі.

Сябры Журы могуць рабіць публікацыі ў розных жанрах пра намінаваныя на прэмію фільмы, пра доўгі спіс у цэлым і аб Прэміі.

Удзельнікі Прэміі.

Да ўдзелу ў Прэміі прымаюцца каротка- і поўнаметражныя ігравыя, дакументальныя, анімацыйныя беларускія фільмы, прэм'ера якіх адбылася ў 2021 і 2022 гадах на тэрыторыі Беларусі ці за мяжой альбо на онлайн-платформах.

Пад беларускім кіно Прэмія разумее кіно, створанае беларускімі рэжысёрамі альбо беларускімі рэжысёрамі з цалкам ці пераважна беларускаю здымачнаю групай як на тэрыторыі Беларусі, гэтак і за мяжою.

Пад беларускімі рэжысёрамі Прэмія разумее беларусаў паводле грамадзянства, нацыянальнасці альбо самавызначэння, якія ствараюць кіно ў Беларусі альбо за мяжою.

Прэм'ераю лічыцца публічны паказ стужкі на кінафестывалі, у кінапракаце, а таксама на пляцоўках галерэяў, мастацкіх прастораў, хабаў, разлічаных на калектыўны, а не індывідуальны прагляд стужкі, паказы на онлайн-платформах.

Фільм, які не дэманстраваўся публічна, але быў створаны з 1 студзеня 2021 года да 31 снежня 2022 года, таксама можа быць намінаваны на Прэмію.

Аргкамітэт пакідае ў доўгім спісе толькі тыя фільмы, якія адпавядаюць крытэрам Прэміі. Прэмія не абавязаная тлумачыць заяўнікам прычынаў, праз якія заяўка не трапіла ў доўгі або кароткі спіс, і паведамляць суму выстаўленых балаў альбо аддадзеных журы галасоў. Аргкамітэт мае права зняць стужку са спаборніцтва пасля таго, як тая трапіла ў доўгі спіс.

4.2. Да ўдзелу ў другой эдыцыі Прэміі не прымаюцца фільмы, створаныя цалкам ці часткова за кошт дзяржаўных сродкаў рэжымаў Беларусі ці Расеі.

4.3. Заяўкі на другую эдыцыю Прэміі прымаюцца з 14 верасня да 14 кастрычніка 2023 года. 

4.4. Дасылаць заяўку на ўдзел у Прэміі могуць праваўладальнікі карціны ці ўпаўнаважаныя ад іх асобы праз онлайн-форму на сайце Прэміі.

Заяўкі прымаюцца ў наступных намінацыях:

«Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм»,

«Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм»,

«Найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм»,

«Найлепшы кароткаметражны дакументальны фільм»,

«Найлепшы анімацыйны фільм»,

«Найлепшы(ая) рэжысёрк(а)»,

«Найлепшы актор»,

«Найлепшая акторка»,

«Найлепшая праца аператара(кі)»,

«Найлепшы сцэнар»,

«Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)»,

«Найлепшы гукавы дызайн (праца кампазітара(кі) ці гукарэжысёра(кі)»,

«Адкрыццё года».

5.1. Праваўладальнікі ці ўпаўнаважаныя ад іх асобы могуць падаваць адзін ці некалькі фільмаў на некалькі намінацыяў.

Спасылкі на фільмы, дасланыя на Прэмію, выкарыстоўваюцца выключна для індывідуальнага прагляду сябрамі Журы Прэміі.

 

Пераможцы Прэміі вызначаюцца падлікам балаў альбо галасоў у залежнасці ад намінацыі ад сябраў Журы.

Фільм, які набірае большую колькасць балаў альбо галасоў у залежнасці ад намінацыі, робіцца Пераможцам у сваёй катэгорыі.

Журы працуе з 1 лістапада 2023 года да 5 студзеня 2024 года.

Вынікі прэміі «Чырвоны верас’24» будуць падведзеныя ў лютым 2024 года. Пераможцы Прэміі публікуюцца на сайце Прэміі.

8.1. Пераможцы  Прэміі атрымоўваць дыпломы, а таксама ўзнагароды (калі прадугледжваюцца Аргкамітэтам) на афіцыйнай цырымоніі ўзнагароджання (калі прадугледжваецца Аргкамітэтам).

Пытанні бяспекі.

Аргкамітэт Прэміі пакідае за сабою права не публікаваць імёнаў сябраў Журы, назваў і аўтараў намінантаў, а таксама Пераможцаў, калі гэтага патрабуюць меркаванні бяспекі.

Палажэнні гэтага Рэгламенту могуць быць дапоўненыя і (або) змененыя ў любы час з наступным апублікаваннем на афіцыйным сайце Прэміі па рашэнні Аргкамітэту Прэміі.

 

Калі Прэмія не можа быць праведзеная, як было запланавана, з форс-мажорных прычынаў, у тым ліку праз тэхнічныя збоі альбо абставіны глабальнага кшталту, якія не залежаць ад Аргкамітэту, Арганізатары пакідаюць за сабою права перанесці імпрэзу ды змяніць яе ўмовы і тэрміны правядзення на сваё меркаванне.

Нашы партнёры