Чырвоны верас ‘24

Прэмія “Чырвоны верас” вызначыла найлепшыя беларускія фільмы 2019 і 2020 гадоў

навіны
2022-05-10
Кадр з фільма “Чыстае мастацтва” Максіма Шведа
Журы першай Беларускай прэміі кінакрытыкаў “Чырвоны верас”, якое ацэньвала карціны 2019 і 2020 гадоў, вызначыла пераможцаў у 13 намінацыях.

Найлепшым ігравым поўнаметражным фільмам сталася стужка “II” (“Два”) Улады Сяньковай. Найлепшым ігравым кароткаметражным фільмам прызнанае “Возера радасці” Аляксея Палуяна. Найлепшая поўнаметражная дакументальная карціна – “Чыстае мастацтва” Максіма Шведа, а найлепшы дакументальны кароткі метр – “Тата” Марыі Якімовіч. Журы прагаласавала за “Царства зорак” Івана Гапіенкі як за найлепшы анімацыйны фільм.

 

Найлепшым рэжысёрам стаўся Максім Швед, найлепшым акторам – Мікалай Бандарэнка за ролю ў фільме “Дэзерцір” Сашы Сцельчанкі, найлепшай акторкаю – Анастасія Пляц за ролю ў “Возеры радасці”. Прэмію за найлепшую працу аператара атрымаў Арцём Лобач (“Шлях дадому”), за найлепшы сцэнар – Любоў Зямцова (“Месца кахання”), а найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка – у менскіх ЖЭСаў у стужцы “Чыстае мастацтва”. Найлепшаю музыкай у фільме прызналі працу Уладзіміра Сівіцкага ды Івана Кірчука ў “Кодзе продкаў” Уладзіміра Луцкага. Адкрыццём года назвалі рэжысёрку Марыю Якімовіч.

 

У склад журы першай прэміі “Чырвоны верас” увайшлі арганізатары прэміі Дар'я Амяльковіч, Максім Карпіцкі, Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі, а таксама журналісты, кінакрытыкі, кіназнаўцы, кінаблогеры і даследнікі кіно Ульяна Будзік, Ірына Дзям’янава, Максім Жбанкоў, Антон Каляга, Юрый Кастузік, Ліна Мядзведзева, Ігар Сукманаў, Вольга Раманава, Андрэй Расінскі, Галіна Шур. Некаторыя сябры журы пажадалі застацца ананімнымі.

 

Першы “Чырвоны верас” прайшоў з восені 2021 да вясны 2022 года і разглядаў фільмы, знятыя ў 2019 і 2020 гадах, – такі перыяд быў абраны, каб падтрымаць кіно, якое не атрымала належнай увагі на мясцовых кінапляцоўках з прычынаў эпідэміі каронавіруса і палітычнага крызісу ў краіне. Арганізатары прэміі атрымалі да разгляду 88 стужак беларускіх аўтараў, што працуюць як у краіне, гэтак і за межамі.

Нашы партнёры