Чырвоны верас ‘24

Прэмія «Чырвоны верас» да 14 кастрычніка прымае заяўкі

навіны
2023-09-14
Беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас» запрашае падаваць заяўкі на сваю другую эдыцыю. Беларускія кінематаграфісты, якія выпусцілі фільмы ў 2021 і 2022 гадах, могуць прэтэндаваць на перамогу ў 13 катэгорыях.

Намінантамі на прэмію могуць стаць каротка- і поўнаметражныя ігравыя, дакументальныя і анімацыйныя фільмы ды іх аўтары. Да ўдзелу ў другой эдыцыі прымаецца незалежнае кіно, створанае без удзелу дзяржаўных сродкаў рэжымаў Беларусі ці Расеі.
 

Прафесійнае журы з 16 кінакрытыкаў, кінажурналістаў, кінадаследнікаў вызначыць пераможцаў у намінацыях: «Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм», «Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм», «Найлепшы поўнаметражны дакументальны фільм», «Найлепшы кароткаметражны дакументальны фільм», «Найлепшы анімацыйны фільм», «Найлепшы(ая) рэжысёр(ка)», «Найлепшы актор», «Найлепшая акторка», «Найлепшая праца аператара(кі)», «Найлепшы сцэнар», «Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)», «Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)», «Адкрыццё года».

 

Арганізатарамі другой прэміі «Чырвоны верас» выступае каманда кінакрытыкаў на чале з Ірэнаю Кацяловіч і Тарасам Тарналіцкім. 

 

«Мы бачым стваральны патэнцыял незалежнага кіно і сваёй прэміяй хочам падкрэсліць яго здольнасці ды яго важнасць, – адзначае каманда прэміі. – Сучасныя аўтары адыгрываюць і будуць адыгрываць сваю ролю ў фіксацыі ды пражыванні нашых ліхіх часоў. Кінакрытыкі ўручаюць узнагароды на найбуйнейшых еўрапейскіх кінафестывалях, іхнае экспертнае меркаванне стаіць за шэрагам вядомых прэміяў, і мы спадзяёмся, што «Чырвоны верас» станецца тою нацыянальнай узнагародай, якая будзе адсочваць развіццё беларускага кіно і ствараць яго кантэкст. Магчыма, для кагосьці прэмія акажацца дадатковым стымулам заставацца ў прафесіі, нягледзячы на складанасці».

 

Падаць заяўку на другую эдыцыю «Чырвонага верасу» можна з 14 верасня да 14 кастрычніка на адмысловай старонцы на сайце прэміі. У доўгі спіс да разгляду журы трапяць толькі фільмы, якія адпавядаюць крытэрам – падрабязней пра патрабаванні ды арганізацыю прэміі чытайце ў рэгламенце. 

 

Вынікі другога «Чырвонага верасу» будуць падведзеныя ў лютым 2024 года.

Нашы партнёры