Кінапрэмія па-ранейшаму разглядае беларускія ігравыя і дакументальныя, поўнаметражныя і кароткаметражныя фільмы, якія ствараліся без удзелу дзяржаўных бюджэтаў Беларусі альбо Расеі. Пад беларускім кіно разумеюцца стужкі, знятыя беларускімі рэжысёрамі альбо беларускімі рэжысёрамі з цалкам ці пераважна беларускаю здымачнаю групай як на тэрыторыі Беларусі, гэтак і за мяжою.
У новым сезоне «Чырвонага верасу» павялічылася колькасць намінацыяў: цяпер заяўнікі таксама змогуць прэтэндаваць на перамогу ў катэгорыі «Найлепшы мантаж». Да таго ж улічваючы кантэкст, у якім беларускія рэжысёры часта перанакіроўваюць свае высілкі ў медыясектар, а таксама вялікую колькасць заявак у адпаведных фарматах мінулым разам, было вырашана стварыць асобную намінацыю «Найлепшы дакументальны рэпартаж» для дакументальных тэле- і YouTube-работ. Гэтая катэгорыя будзе ацэньвацца сябрамі журы па жаданні.
«Мы пішам гісторыю беларускага кіно, якое ў неспрыяльных умовах, але працягвае рэфлексаваць з гледачамі пра супольную рэчаіснасць і расказваць свету пра сапраўдную Беларусь, – кажуць заснавальнікі «Чырвонага верасу». – Нам важна, каб кінааўтары ўсведамлялі, наколькі грандыёзную працу яны робяць: тое, што яны захоўваюць Беларусь і беларусаў у кінамастацтве, пакуль нацыянальная ідэнтычнасць зазнае спробы брутальнага ўплыву, складана пераацаніць. У патоку дрэнных навінаў і складанасцяў хай «Чырвоны верас» будзе адной з пазітыўных цаглінак, якія пераконваюць фільммэйкераў у вартасці іхнай працы».
Удзел у «Чырвоным верасе» можа быць ананімны. Пераможцаў трэцяй эдыцыі кінапрэміі абвесцяць у лютым 2026 года.